Ў-моўны клуб ад Моладзі БНФ
Ў-моўны клуб – новая ініцыятыва Моладзі БНФ, накіраваная на тое, каб згуртаваць людзей, зацікаўленых у вывучэнні роднай мовы, даць ім магчымасць папрактыкавацца ў ёй, падцягнуць свой узровень валодання беларускай мовай, а таксама добра, цікава і галоўнае з карысцю для сябе правесці час у беларускамоўным асяроддзі. Асаблівасць Ў-моўнага клуба, а таксама яго галоўная перавага над іншымі падобнымі ініцыятывамі ў тым, што заняткі праходзяць досыць лёгка і нефармальна, удзельнікам не прыходзіцца закапвацца ў падручніках, рабіць нейкія хатнія заданні, што безумоўна падабаецца людзям.

" Вядома, што нашмат цікавей вывучаць родную мову падчас душэўных размоў і прагляду фільмаў пад гарбату з печывам, чым пісаць шматлікія практыкаванні і зубрыць тэорыю з падручнікаў, як гэта практыкуюць на занятках у школах, што толькі знішчае ў моладзі любое жаданне размаўляць па-беларуску. Таму, напэўна, Ў-моўны клуб і выклікае такі інтарэс: заняткі ўспрымаюцца хутчэй як адпачынак, чым як навучанне, што вельмі прываблівае людзей. Важна адзначыць, што кожны ўдзельнік клуба можа размаўляць на тым узроўні, на якім умее, ніхто не будзе крытыкаваць вас за нейкія моўныя памылкі ці трасянку", - паведамляюць арганізатары клуба

На дадзены момант адбылося ўжо два заняткі ў межах Ў-моўнага клуба, і, відавочна, ініцыятыва карыстаецца поспехам. Падчас першай сустрэчы адбылося знаёмства людзей паміж сабой, кожны распавёў пра свой шлях да беларускасці, пасля чаго ўдзельнікі клуба пагулялі ў беларускамоўную гульню "Паўстанцы", на наступнай сустрэчы адбылося абмеркаванне кнігі пра беларускую грамадскую дзеячку Палуту Бадунову, якую ўсе дамовіліся прачытаць да занятку, прагляд і абмеркаванне фільма пра жыццёвы шлях гэтай выбітнай жанчыны, пасля чаго ўдзельнікі пагулялі ў гульню "Палітовічы", дзе кожны змог пабываць у ролі сапраўднага дэпутата беларускага парламента. Варта адзначыць, што пасля заняткаў людзі застаюцца пад вялікім прыемным уражаннем і нават не жадаюць разыходзіцца.

На дадзены момант мерапрыемствы праходзяць толькі ў Менску, кожны тыдзень па аўторках на офісе Партыі БНФ, але паступова ініцыятыва будзе распаўсюджвацца і на іншыя гарады. У суботу адбудзецца першая сустрэча Ў-моўнага клуба ў Віцебску. Усю неабходную інфармацыю аб тым, як запісацца ў Ў-моўны клуб, можна знайсці ў суполцы Моладзі БНФ у Кантакце.
Made on
Tilda