Актывісты Моладзі БНФ збіраюць подпісы за стварэнне сістэмы веласцежак у Гомелі

Сябры гомельскай суполкі Партыі БНФ распачалі кампанію за стварэнне развітай сістэмы веласцежак у сваім горадзе.

Кампанія пачалася са збору подпісаў за стварэнне першай веласцежкі на беразе ракі Сож з боку парка. Як сцвярджаюць пачынальнікі ініцыятывы, такі крок дазволіць істотна засцерагчы рух пешаходаў, а таксама створыць выгоды для язды веласіпедыстаў.

«Жыхары Гомеля вельмі станоўча паставіліся да нашай ініцыятывы. Людзі актыўна падпісваліся пад зваротам, шмат хто казаў, што робім карысную справу. Нават тыя, хто не ездзіць на веласіпедах, упэўнены, што стварэнне гэтай сцежкі неабходна нашаму гораду як мера дадатковай бяспекі. Таму вынікі кампаніі абяцаюць быць станоўчымі» — распавядае кіраўнік гомельскай арганізацыі Моладзі БНФ Арцём Касавараў.

«У гэты дзень у нас адбылося партыйнае паседжанне гомельскай суполкі, дзе мы вырашылі некаторыя арганізацыйныя пытанні, распланавалі дзейнасць на будучыню, а таксама прынялі новых людзей. Вельмі парадавала, што ў партыю прыйшло шмат новых заахвочаных маладых людзей. Гэта сведчыць аб тым, што маладое пакаленне ўсё ж цікавіцца палітыкай. А новыя людзі — гэта заўсёды новыя ідэі, актыўнасці, новыя погляды на шляхі развіцця суполкі, што безумоўна з'яўляецца складнікам карыснай і плённай працы. Таму мы можам быць упэўнены, што як вынікі дадзенай кампаніі, так і дзейнасць суполкі ў прынцыпе нас не расчаруюць», — кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч.
Made on
Tilda