Моладзь БНФ аб'яўляе 2018 год - годам Беларускай Народнай Рэспублікі!
У гісторыі любой краіны ёсць падзеі, якія з'яўляюцца вызначальнымі і важнейшымі. Менавіта яны становяцца падставай для нацыянальных святаў, памятных дзён і іншых дзяржаўных мерапрыемстваў. Нажаль, у Беларусі іншая сітуацыя. Афіцыйная прапаганда і рэжым транслююць выключна савецкую гісторыю нашай краіны, забываючы пра больш важныя і вызначальныя перыяды нашага існавання як нацыі.

2018 год. З аднаго боку гэта наўпрост чарговы год у жыцці чалавецтва. Але не для нас – Моладзі БНФ і іншых свядомых беларусаў. Менавіта ў наступным годзе спаўняецца СТАГОДДЗЕ з моманту першай спробы нашых продкаў стварыць першую беларускую дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку.

Яна не здолела праіснаваць доўга, але менавіта яе дух, воля шэрагу яе стваральнікаў з'яўляюцца грунтам нашага нацыянальнага гонару, адвагі і змагання.

Моладзь БНФ не можа прапусціць такую падзею, таму мы афіцыйна аб'яўляем у сваёй арганізацыі 2018 год – годам БНР.

На падставе гэтага, мы зладзім шэраг цікавых і памятных мерапрыемстваў, арганізуем шэраг кампаній і праектаў, а самае галоўнае – прыкладзе усе намаганні, каб пашырыць пазнавальнасць гэтай падзеі сярод беларускай моладзі, патлумачыць яе значнасць, а самае галоўнае – зробім усё, каб гэта стала сапраўдным святам нашай мужнай беларускай нацыі.

Гэта свята, а не палітычная акцыя, таму мы заяўляем, што гатовы да супрацы з усімі арганізацыямі, якія таксама падзяляюць наш погляд на БНР і гэтую сапраўды значную дату.

Наступнае стагоддзе будзе толькі праз стагоддзе, таму наша задача зрабіць такое святкаванне БНР, каб наступны раз яго ўспомнілі.

Мы робім сваю гісторыю зараз! Дык давайце ўспомнім БНР так, каб гэта ўвайшло ў найноўшую гісторыю нашага краю!

Жыве Беларусь! Жыве БНР!

Made on
Tilda