Маладыя кансэрватары Эўропы асудзілі перасьлед лідэркі Моладзі БНФ
Эўрапэйскія Маладыя Кансэрватары (EYC), міжнароднае аб'яднаньне маладзёвых арганізацыяў кансэрватыўных партыяў, выпусьцілі заяву, у якой асуджаюць дзеяньні уладаў Беларусі супраць Ганны Сьмілевіч (Пахолка), старшыні Моладзі БНФ.

Эўрапэйскія Маладыя Кансэрватары перакананыя, што менавіта беларускія ўлады арганізавалі адлічэньне спадарыні Сьмілевіч з Інстытута Журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта:

"На нашую думку, гэтая справа з'яўляецца палітычна матываванай і ёсць прыкладам перасьледу палітычных апанэнтаў з боку кіруючага рэжыма.

У сусьветных рэйтынгах Беларусь стала займае пазіцыі сярод найменш свабодных краінаў на планэце. Апошнія прыклады палітычнага перасьледу з боку кіруючага рэжыма цалкам адлюстроўваюць жахлівую сытуацыю з правамі чалавека і грэбаваннем асноўнымі свабодамі сваіх грамадзянаў, што склалася ў Беларусі.

Эўрапэйскія Маладыя Кансэрватары працягнуць шчыльную супрацу з Моладдзю БНФ, якая з'яўляецца сябрам арганізацыі. Мы таксама працягнем уважліва назіраць за сытуацыяй і аказваць падтрымку сваім сябрам" – гаворыцца ў заяве EYC.

Эўрапэйскія Маладыя Кансэрватары (EYC) – міжнароднае аб'яднаньне маладзёвых арганізацыяў кансэрватыўных партыяў, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі агульнаэўрапэйскай партыі – Альянсу эўрапэйскіх кансэрватараў і рэфармістаў. Партыя БНФ з'яўляецца сябрам Альянсу ад красавіка 2017 года.

Made on
Tilda