Заява кандыдатаў на пасаду кіраўніка Моладзі БНФ
Мы, кандыдаты на пасаду старшыні Моладзі БНФ, супольна заяўляем сваю ноту недаверу да кандыдата на пасаду кіраўніка Моладзі БНФ Мікіты Краснакуцкага і заклікаем актывістаў нашай арганізацыі не галасаваць у яго падтрымку.

Прычын, на наш погляд, некалькі:

1. За свой час знаходжання на пасадзе намесніка кіраўніка менскай гарадской арганізацыі Моладзі БНФ, Мікіта хранічна прапускаў сходы, а таксама не прымаў ніякага рэальнага ўдзелу ў арганізацыі кампаній і мерапрыемстваў арганізацыі.

2. На наш погляд, кандыдат на пасаду кіраўніка Моладзі БНФ не можа з'яўляцца актыўным удзельнікам іншых грамадска-палітычных арганізацый, асабліва тых, чые погляды супярэчаць ідэалогіі Моладзі БНФ. У выпадку Мікіты Краснакуцкага, такія факты існуюць, як і пропускі мерапрыемстваў Моладзі БНФ дзеля ўдзелу ў мерапрыемствах іншых арганізацый. Ці можа будучы кіраўнік не падтрымліваць мерапрыемствы сваёй арганізацыі, паралельна прымаючы ўдзел у іншых? Мы лічым, што не.

3. Мы мяркуем, што калі кандыдат збіраецца балатавацца на мясцовых выбарах у якасці кандыдата Моладзі і Партыі БНФ, то ён не можа аддаваць прыярытэт прадстаўнікам іншых арганізацый у сваіх кампаніях і планах, абыходзячы пры гэтым актывістаў Моладзі БНФ.

Мы ў выглядзе Сакалова Багдана, Мандзіка Дзяніса, Філіпенкі Аляксанда і Касаварава Арцёма звяртаемся да аргкамітэту па правядзенні VII з'езду Моладзі БНФ з заклікам апублікаваць гэтую заяву, згодна з прынцыпам адкрытасці і галоснасці.

Пры гэтым, мы просім Мікіту Краснакуцкага не крыўдаваць на дадзеную заяву. Ён усё роўна з'яўляецца нашым аднадумцам і паплечнікам, а гэта з'яўляецца канструктыўнай крытыкай. Са свайго боку, калі нехта з нас пераможа на з'ездзе і стане старшынём Моладзі БНФ, мы абяцаем прапанаваць Мікіце пасаду старшыні Брагінскай суполкі Моладзі БНФ! ;)

Made on
Tilda