Хто узначаліць Моладзь БНФ? Інтэрв'ю з кандыдатамі на пасаду кіраўніка "Моладзі БНФ"
У чым твае асноўныя перавагі над іншымі кандыдатамі ў барацьбе за перамогу?

Насамрэч, мне складана аб гэтым казаць, бо вынікі маёй працы могуць ацэньваць толькі сябры нашай арганізацыі, ніяк інакш. Калі казаць інакш, я ў сабе ўпэўнены, бо маю пэўны палітычны вопыт, сярод якіх і ўдзел у сапраўды яскравай кампаніі Алеся Лагвінца на парламенцкіх выбарах. Скажу шчыра – меў за гонар і шчасце тады працаваць з тымі людзьмі. Таксама, я шмат год працую журналістам, што навучыла мяне глядзець на ўсё крытычна, з аналізам і ўдумліва. Ну і, канешне, мой кіраўнічы вопыт, які пачаўся з кіравання конкурсамі, праектамі ў гімназіі. Я шмат дзе займаў адказныя пасады, нават калі вучыўся ў БДУ. Там быў намеснікам старшыні Прафсаюза факультэта. Ну, гэта было да майго адлічэння )

Таму тут я асабіста бачу толькі вопыт, пэўную наяўнасць здаровай крытыкі і, канешне, разуменне таго, што каманда – аснова поспеху.

Як ты ацэньваеш іншых кандыдатаў? Каго з іх лічыш сваім галоўным канкурэнтам?

Усе вартыя па свойму. Я не бачу ў гэтым канкурэнцыю, хутчэй пэўны азарт. Нам усім далей працаваць, таму разглядаць маіх калегаў як канкурэнтаў ці ворагаў было б глупствам. І ў любым разе – абярэ З'езд.

Распавядзі пра свае планы на пасадзе кіраўніка.Ці збіраешся ты нешта кардынальна змяняць у структуры ці метадах дзейнасці арганізацыі?

Скажу так. Я хачу будаваць на традыцыйным базісе і каштоўнасцях МБНФ сапраўды крэатыўную сучасную моладзевую платформу, дзе будуць біць крыніцай ідэі, праекты, кампаніі і братэрскі дух. Для гэтага ўжо шмат зроблена – мая задача дарабіць і запусціць гэты механізм. Але я хачу адысці ад тыповых беларускіх НДА і апазіцыйных шаблонаў, дзе арганізацыя – як бы нешта крутое, але пры гэтым маўчыць і робіць манатонныя дзеянні. Моладзевая арганізацыя павінна ствараць, не толькі палітыку, але і культуру, спорт, асвету і ўвогуле ствараць пэўную тусоўку – сваё кола і праслойку. Няхай Моладзь БНФ стане цэнтрам ідэйнай і крэатыўнай моладзі, што прынясе моц і росквіт як нашай арганізацыі, так і нашым паплечнікам. А калі мы гэта зробім, то значыцца Беларусь стане крышачку лепш. Спадзяюся, што гэта дасць уяўленне аб маіх намерах і метадах.

Ты ўжо з'яўляешся кіраўніком Менскай гарадской арганізацыі. Чаму вырашыў балатавацца на караўніка?Ці ёсць нейкія ідэі і мэты, якія ты зараз не можаш рэалізаваць па прычыне абмежаванасці магчымасцяў гарадскога кіраўніка, але зможаш здзейсніць, будучы кіраўніком арганізацыі?

Менскі кіраўнік мае паўнамоцтвы толькі ў Менску. Я жа хачу мець магчымасць прымаць поўны і непасрэдны ўдзел у працы ўсёй арганізацыі, бо Моладзь БНФ, як і Беларусь – не толькі Менск. Кажу як старшыня Менскай арганізацыі ;)

Вы з іншымі трыма кандыдатамі падалі калектыўную заяву супраць Мікіты Краснакуцкага, дзе заклікалі актывістаў арганізацыі не галасаваць за яго. Чым выкліканы такі крок і ці паўплывае ён, на твой погляд, на падтрымку Мікіты з боку выбаршчыкаў?

У заяве я, як і іншыя кандыдаты, ужо ўсё выказаў па пунктах. Дадам толькі асабісты погляд на гэта. Я за сваё жыццё прымаў удзел у значнай колькасці арганізацый, з прадстаўнікамі якой у мяне склаліся і ў тым ліку сяброўскія стасункі. Але ж, калі я стаў сябрам Моладзі БНФ, я прынцыпова выконваю ўсё прынцыпы арганізацыі і працую толькі для яе. То бок, не выкарыстоўваю свае паўнамоцтвы для таго, каб дапамагчы іншым арганізацыям, бо гэта супярэчыць рашэнні Рады нашай арганізацыі. Таксама, я адмовіўся ад ўдзелу вам ўсіх унутраных і не толькі мерапрыемствах усіх грамадска-палітычных арганізацый, апроч Моладзі БНФ. Я лічу, што адваротнае сабе можа дазволіць звычайны актывіст, але не чалавек, які займае пэўную пасаду ў арганізацыі. Рашэнні большасці трэба паважаць, а сядзець на дзвюх і больш стулах сабе дазваляе толькі не самы прынцыповы і адданы чалавек. Я нічога не маю супраць Мікіты як чалавека, але ж чалавек чалавекам, а Моладзь БНФ – Моладзь БНФ. Я, калі падпісваўся пад зваротам, хацеў, каб Мікіта падумаў і сам раставіў прыярытэты. Каб ён зразумеў, што пэўныя яго методы не падабаюцца прадстаўнікам Моладзі. А самае галоўнае, каб ён чарговы раз падумаў, ці САПРАЎДЫ Мікіта зможа фізічна цягнуць Моладзь, пры гэтым месцамі пераступіўшы свае ўнутраныя думкі і погляды. Таму асабіста для мяне важна, каб кіраўнік быў поўнасцю і цалкам адданы Моладзі, каб ён паважаў і чуў рашэнні большасці. Інакш гэта не будзе плённай працай. Наконт уплыву я не магу адказаць адназначна, бо сэнс заявы ў маім разуменні быў у тым, каб Мікіта задумаўся, а астатнія задумаліся над тым, ці ўвогуле можа такая зьява існаваць у Моладзі.


Багдан Сакалоў
кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі

Мікіта Краснакуцкі
намеснік кіраўніка Менскай гарадской арганізацыі
Распавядзі, чаго ты чакаеш ад гэтых выбараў. Чаму вырашыў балатавацца? Хто, на твой погляд, мае больш за ўсіх шанцаў на перамогу?

Ад гэтых выбараў чакаю сумленнасці і не абыякавасці выбарцаў. Бо зараз вырашаецца вельмі ўплывовае пытанне для нашай арганізацыі.

Даваць прагнозаў пакуль не буду, але спадзяюся, зноў жа, на сумленны выбар актывістаў чалавека для пасады, а не пасады для чалавека.

Што ты ў першую чаргу плануеш змяніць у Моладзі БНФ, калі станеш кіраўніком? Якія твае асноўныя накірункі дзейнасці на далейшую перспектыву?

У першую чаргу, я займуся арганізаванасцю актывістаў, для сходаў будзе ўвдзезены новы рэгламент правядзення, падобны на рэгламент правядзення з'ездаў і соймаў Партыі.

А вось на далейшую перспектыву, я хачу накіраваць арганізацыю на рэалізацыю глабальных, абʼёмных праектаў, падобных на тыя, якімі я займаўся гэтай вясной і летам (конкурсы, масавыя мерапрыемствы, канцэрты, палітычныя ініцыятывы, накіраваныя на моладзь і г.д.).

Да з'езда яшчэ два тыдні, а да тваёй асобы ўжо было праяўлена больш за ўсё ўвагі, у параўнанні з іншымі кандыдатамі. Зняцце кандыдатуры Логвінава на тваю карысць было дамоўленасцю?

Я скажу адно – увагу да асобы праяўляюць раўнаважную ейнай актыўнасці.

Зняццё Мікалая Логвінава я пакуль каментаваць не буду, але хутка будзе інфармацыя, з чым яно было звязана.

Як ты можаш пракаментаваць сумесную заяву іншых кандыдатаў супраць сябе? Ці можаш неяк абвергнуць прад'яўленыя да цябе абвінавачванні? Якія будуць твае далейшыя дзеянні?

Заяву лічу надуманай і нацягнутай хлуснёй і ўжо даў свой адказ на яе, у якім абгрунтаваў абвяржэнні.

Як ты лічыш, ці знізіліся твае шанцы на перамогу пасля апошніх падзей?

Пасля «апошніх падзей» я адчуў, наадварот, моцную падтрымку як калектыву ды актывістаў, так і ўвогуле іншых арганізацыяў, актывістаў ды палітыкаў, якія таксама чакаюць сумленнасці ад зʼезда і выбараў якія пройдуць на ім.

Ты прыйшоў Моладзі БНФ зусім нядаўна, акрамя таго, ты самы малодшы з усіх кандыдатаў. Чаму ты вырашыў балатавацца адразу на пасаду кіраўніка?

З самага пачатку я не ставіў мэты перамагаць. Бо, па першае, як было сказана, я самы малады і не маю належнага вопыту, па другое я маю вельмі вялікую канкурэнцыю ў якасці і Багдана, і Дзяніса, і з боку астатніх кандыдатаў.

Як ты ацэньваеш свае шанцы? Ты сапраўды верыш у перамогу, ці для цябе гэтыя выбары проста каштоўны вопыт на будучыню?

Я, насамрэч, расцэньваю сваё балатаванне як каштоўны вопыт, які мне дапаможа больш поўна ўяўляць электарат і мэты, да якіх нам трэба рухацца.

Каго ты лічыш самым моцным кандыдатам на перамогу і чаму?

Як я ўжо сказаў, я маю вельмі дазнаных і вопытных паплечнікаў-кандыдатаў, таму выдзяляць кагосці не хачу, але сваё меркаванне і прагноз я маю, і спадзяюся што пераможа мацнейшы і прывядзе нас супольна да росквіту нацыянальнай думкі.

Распавядзі свае ідэі і планы, якія б ты жадаў рэалізаваць на пасадзе кіраўніка ў выпадку перамогі.

Ня гледзячы на вынік, я буду адстойваць асабістыя перакананні і памкненні, у якіх бачу шлях да развіцця нашай суполкі і наогул моладзевага беларускага руху. Сярод іх і грамадска-палітычная дзейнасць, і адукацыйныя праграмы, якія я планую прасоўваць у бок самаадукацыі і захавання нашых спрадвечных каштоўнасцяў і магчымасці іх пераносіць у цяперашняе становішча.


Алесь Філіпенка
актывіст Менскай гарадской арганізацыі

Арцём Касавараў
кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі
Якія твае асноўныя планы на пасадзе кіраўніка Моладзі БНФ?

Мой асноўны план - пашыраць колькасць актыўных людзей і выходзіць на новы ўзровень.

Распавядзі, чаму ты вырашыў балатавацца? Чаго ты жадаеш дамагчыся гэтымі выбарамі?

Вырашыў балатавацца, таму што такой мэты ў межах арганізацыі ,як у мяне, няма ні ў аднаго кандыдата.

Як ты ацэньваеш свае шанцы на перамогу, у параўнанні з іншымі кандыдатамі, больш вядомымі сваё дзейнасцю?

Мае шанцы зніжаюцца толькі з-за таго, што я не з Менску. Калі б быў у Менску, верагоднасць маёй перамогі была б не меншай, чым у іншых кандыдатаў.

Якія твае галоўныя дасягненні на пасадзе кіраўніка гомельскай абласной арганізацыі?

Я сабраў з нуля актыў, які потым стаў не проста арганізацыяй, а сяброўскай групай, дзе гутараць не толькі пра дзейнасць арганізацыі.

Ты адзін з заяўнікаў супраць кандыдатуры Мікіты Краснакуцкага. Ці знаёмы ты наогул з дзейнасцю дадзенага кандыдата, каб заклікаць людзей не галасаваць за яго, і што спадзвігла цябе на такое дзеянне?

Не знаёмы з ім, але чуў яго прапановы , мне гэтага хапіла , каб зрабіць такую заяву.

Што спадзвігла цябе раптоўна балатавацца на пасаду кіраўніка?

А чаму не? Лічу, што кожны ў нашай арганізацыі лідар і кожны павінен быць гатовы да таго, каб узяць частку адказнасці за арганізацыю на сябе, бо развіццё арганізацыі залежыць ад кожнага з нас. Пасада кіраўніка - гэта ўсяго толькі пасада, якая не менш і не больш значная, чым любая іншая пасада ў нашай арганізацыі. Не трэба рабіць з кіраўніка нейкага ідала, бо зноў жа паўтаруся, без намаганняў кожнага нашага актывіста нічога не магчыма. Я вельмі рада, што ў нас ёсць такія цудоўныя і адданыя актывісты з якімі хочацца працаваць разам.

Таксама я пабачыла, што на пасаду кіраўніка балатуюцца тры моцных кандыдата(Багдан Сакалоў, Дзяніс Мандзік, Алесь Філіпенка), якія маюць пэўныя амбіцыі, і каб амбіцыі нікому не перашкаджалі працаваць і не прывялі да расколу арганізацыі, я прапаную ім аб'яднацца разам у адну каманду, каб мы маглі зрабіць нашу "Моладзь БНФ" яшчэ больш папулярнай і ўплывовай моладзевай сілай. Лічу, што наша каманда зможа паказаць годную працу. Чаму менавіта я падыходжу на гэтую роль? Бо не маю ніякіх амбіцый, акрамя амбіцыі развіваць арганізацыю, і лічу, што якраз я падыхожду на гэтую пасаду і змагу аб'яднаць гэтых моцных асоб у адну каманду.

Як ты лічыш, ці ёсць у цябе нейкія шанцы на перамогу?

З моманту афіцыйнага абвяшчэння аб сваім намеры балатавацца, я ўжо паспела адчуць моцную падтрымку з боку актывістаў. Гэта натхняе і ўнушае надзею на добры вынік. Акрамя таго, за час свайго сяброўства ў арганізацыі я паспела адзначыцца сваёй актыўнай дзейнасцю, удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, дапамагала працы над нашымі асноўнымі кампаніямі. Працавала са СМІ і сацсеткамі, бо з'яўляюся прэс-сакратаром Моладзі БНФ. Тым не менш, якім бы не быў вынік, я застануся ў арганізацыі. Я не лічу астатніх кандыдатаў сваемі канкурэнтамі, яны ўсе мае паплечнікі і калегі, з якімі я гатова разам працаваць на карысць арганізацыі, незалежна ад вынікаў З'езда.

Распавядзі пра свае першачарговыя планы на пасадзе кіраўнка ў выпадку перамогі.

Прыярытэтным накірункам дзейнасці Моладзі БНФ на дадзены момант я лічу развіццё рэгіянальных арганізацый. У хуткім часе пасля З'езду мы плануем паехаць па рэгіёнах з мэтай стварэння моладзевых суполак там, дзе іх няма, але ёсць заахвочаныя ідэяй людзі, а таксама стварэння праграмы развіцця на бліжэйшы тэрмін ва ўжо існуючых гарадскіх арганізацыях. Зараз асноўная працаздольная сіла сканцэнтравана ў Менску, таму неабходна выводзіць рэгіёны на новы ўзровень, каб наладзіць актыўную дзейнасць па ўсёй краіне. Акрамя таго, я лічу важным пашыраць сувязі з рознымі замежнымі моладзевымі арганізацыямі, гэта не толькі створыць глебу для плённай супрацы, але і прынясе карысны вопыт і веды для нашых актывістаў. Планую далей працягваць працу па накірунках, праводзіць вялікую колькасць мерапрыемстваў, і рабіць усё дзеля пашырэння вядомасці арганізацыі сярод грамадзян нашай краіны і для прыцягнення новых актывістаў, зацікаўленых у выніках сваёй працы.


Ганна Смілевіч
актывістка Менскай гарадской арганізацыі

Дзяніс Мандзік
кіраўнік Барысаўскай гарадской арганізацыі
Ці збіраешся ты нешта кардынальна змяняць у выпадку абрання цябе кіраўніком?

Не, я збіраюся працягваць той накірунак, які мы абралі.

Якія наогул твае першапачатковыя планы? А што наконт дзейнасці на далейшую перспектыву?

Першапачатковыя планы гэта паездзіць па рэгіёнах і стварыць суполкі ў гарадах, дзе іх няма, а таксама аднавіць іх там, дзе яны замарозілі сваю дзейнасць. На далейшую перспектыву збіраюся развіваць міжнароднае супрацоўніцтва і развіццё нашых накірункаў.

Ты ў Моладзі БНФ амаль з самага моманту адраджэння арганізацыі і дакладна больш за іншых кандыдатаў, ці лічаш ты гэта сваёй перавагай над іншымі? Што яшчэ можна аднесці да гэтага, на твой погляд?


Я лічу, што гэта таксама перавага, але не самая асноўная, таму што маё стацаванне і сяброўскія зносіны з актывістамі таксама адыгрываюць пэўную ролю, акрамя таго я знаёмы са шматлікімі актывістамі з рэгіёнаў. Плюс мае старыя дасягненні ды добрая праца на гэты час таксама маюць пэўны ўплыў.

Каго з усіх кандыдатаў ты сам жадаў бы бачыць на пасадзе кіраўніка, калі не сябе самаго?

Багдана ці Ганну.

На пасаду кіраўніка балатуецца дзяўчына, з якой ты знаходзішся ў адносінах. Як ты ставішся да такой канкурэнцыі і як ацэніваеш яе шансы?

Добра ведаючы яе, я лічу, што яна справіцца з гэтым не горш за мяне, таму я ўпэўнены, што яна таксама адзін з галоўных прэтындэнтаў на пасаду кіраўніка. На мой погляд, шанцы яе даволі высокія.

Чаму ты раптам вырашыў вылучацца на пасаду кіраўніка Моладзі БНФ?

Спіс кандыдатаў, мякка кажучы, не задаволіў. Гэта карупцыянеры, якія пры першай жа магчымасці раскрадуць увесь наш бюджэт. Нельга падпускаць такіх людзей да ўлады, таму я тут, я прыйшоў выратаваць арганізацыю.

Як ты ацэньваеш свае шанцы на перамогу?

Я ўжо перамог, таму што я не прайграю. Немагчыма перамагчы, калі ты прайграў, таму што прайграючы ты ўжо не перамагаеш, ты не маеш права перамагчы пры пройгрышы (с) Ота фон Бісмарк.

Твая праграма па сваім змесце нагадвае парадак дзеянняў іншага сумнавядомага ўсім палітыка, ды і наогул аддае аўтарытарызмам. Ці не жадаеш ты ўсталяваць у арганізацыі свой дыктатарскі рэжым па прыкладзе таго, што адбываецца зараз у краіне?

Ды як вы можаце мяне вінаваціць у дыктатарстве? Я магу вельмі лёгка і вытанчана, проста адным тэзісам даказаць вам, што немагчыма быць дыктатарам у нашай арганізацыі. Для таго, каб быць дыктатарам і быць падобным на прадзядуля Сталіна, трэба мець РЭСУРС. Мая праграма не пра дыктатуру, я ствараю тры новыя пасады: прэзідэнт алімпійскага камітэта Моладзі БНФ, старшыня Рады Бяспекі i галоўнакамандуючы узброенымі сіламі. Так, я ўзначальваю іх, але ХТО КАЛІ НЕ Я? Вы бачыце годных кандыдатаў на гэтыя пасады? Я, на вялікі жаль, не бачу. Гэтыя пасады - тры кіты, на якіх будзе трымацца наша арганізацыя і на гэтых месцах павінны знаходзіцца годныя людзі. Адказваючы на вашае пытанне- не, я не жадаю ўсталяваць у арганізацыі свой дыктатарскі рэжым.

Каго ты лічаш сваім галоўным канкурэнтам у барацьбе за пасаду?

Іх няма, менавіта таму я вырашыў ісці на выбары. Усе кандыдаты – прарасейска-украінскія фашысты-экстрэмісты. Яны проста раскрадуць і разваляць моладзь, я хачу зберагчы нашых актывістаў ад гэтых асабліва небяспечных бандытаў.

Як зменіцца жыццё і дзейнасць Моладзі БНФ пасля абрання цябе кіраўніком?

Мы будзем квітнець, я павялічу колькасць сяброў нашай арганізацыі да аднаго МІЛЬЁНА і гэта цалкам рэальная лічба. Мы будзем гуляць у скелетон і радавацца жыццю.


Марк Грыневіч
актывіст Берасцейскай гарадской арганізацыі
Made on
Tilda