"Так здарылася, што Моладзь БНФ дапамагла мне знайсці каханне". Чаму маладыя беларусы ідуць у Моладзь БНФ
Шмат літараў, але цікавы тэкст, які дапаможа Вам больш пазнаёміцца з нашай арганізацыяй.
Моладзь БНФ аднавіла сваю дзейнасць ужо больш як два гады таму. За гэты час актывісты здолелі дасягнуць вялікіх поспехаў у розных сферах і накірунках сваёй дзейнасці. Было праведзена шмат цікавых мерапрыемстваў і імпрэз, накіраваных на падтрымку і развіццё беларускай культуры і гісторыі, шэраг пікетаў, звязаных з праблемамі палітычнага ладу, які ўсталяваўся ў краіне, рэалізавана некалькі ўдалых грамадска карысных кампаній. Аднак удалая супраца любога грамадскага механізма не магчыма без існавання зладжанага калектыву, зацікаўленага ў выніках сваёй дзейнасці і гатовага актыўна працаваць дзеля агульнай ідэі. Таму можна ўпэўнена казаць, што адно з галоўных дасягненняў "новай" Моладзі БНФ — гэта тое, што арганізацыя здолела сабраць і згуртаваць вакол сябе каманду актыўных, ідэйных і неабыякавых маладых людзей, якія жадаюць нешта змяніць у краіне і гатовы дзеля гэтага плённа працаваць. Актывісты Моладзі БНФ распавялі, што падштурхнула іх далучыцца да моладзевай арганізацыі палітычнай накіраванасці і чаму яны абралі для гэтага менавіта Моладзь БНФ, як гэты крок паўплываў на іх жыццё, ці атрымалася ў іх рэалізаваць усе тыя мэты, якія яны ставілі перад сабой першапачаткова, а таксама аб месцы, ролі і магчымасцях моладзі як пласта насельніцтва ў сучасным грамадска-палітычным жыцці краіны.
"Ёсць некалькі прычын, чаму я абраў для сябе менавіта Моладзь БНФ. Па-першае, было жаданне апынуцца ўдзельнікам чагосьці большага, што можа кардынальна змяніць лад жыцця ў краіне. Па-другое, нацыяналістычная накіраванасць, а мне, як нацыяналісту – гэта блізка да душы (Але, што не магу казаць пра дэмакратызм, бо, калі звяртацца да Платона ці Арыстоцеля, стане зразумела чаму). Па-трэцяе, жаданне пераймаць досвед ад тых людзей, якія нешта ведаюць у палітыцы як практычнай дысцыпліне, каб гэтым досведам карыстацца самому. Асноўная мэта ў мае 16 год была адзіная – Ідэя і яе ажыцяўленне. Ідэя радыкальных і хуткіх змен. Ну, і як казаў вышэй – пераймаць досвед. Акрамя таго, жадаў займацца ідэалагічнай працай, а менавіта – артыкуламі. Ну, і яшчэ, мабыць, аб'яднанне з маёй творчай арганізацыяй. Што дае мне сяброўства ў арганізацыі? Па большай частцы паняцці, звязаныя з аб'ектыўным ідэалізмам, а менавіта – веру ў лепшае. Ну і новыя знаёмства, досвед і г.д. Сэнс адзіны - што, калісьці мы перайдзем да больш вялікай дзейнасці. Я жадаў увесь час займацца палітыкай, то і вось таму я тут. А іншыя арганізацыя мяне не цікавілі. Ды і наогул, апалітычнасць – прыкмета дурная. Аднак тут палітычны накірунак дзейнасцю мне не вельмі падабаецца. Толькі радыкальныя метады барацьбы могуць нешта зрабіць. На мой погляд, моладзь у нашай краіне мае мала магчымасцяў, каб нешта змяніць. Тым не менш, акрамя палітыкі ў Моладзі БНФ ёсць і іншыя накірункі дзейнасці, мяне ў гэтым выпадку прывабліваюць творчы і гістарычны".

Аляксандэр Ражкоў, 18 год
г. Менск.

Алесь Філіпенка, 17 год
г. Менск
"Галоўнае, што мяне прывабіла менавіта да Моладзі БНФ – гэта імя і даступнасць арганізацыі. Мая мэта была – трапіць у беларускае асяроддзе, і ў мяне сапраўды атрымалася гэта рэалізаваць, у Моладзі большасць актывістаў размаўляе на беларускай, таму зараз вялікая частка майго штодзённага акружэння – беларускамоўныя людзі. Тым не менш, жадалася б усё ж цалкам адысці ад расейскай мовы. Але ўсё паступова. Сяброўства з арганізацыяй дае мне магчымасць рэалізаваць сваё памкненні, дапамагаць адраджэнню беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама проста плённа працаваць на карысць агульнай патрыятычнай ідэі. Ды і наогул, жыццё пасля далучэння да Моладзі БНФ стала значна цікавейшым. Акрамя таго, я ўпэўнены, што зараз прыйшоў час нешта змяняць у палітычным жыцці нашай краіны, а моладзь – якраз тая самая рухаючая сіла, якая здольна гэта зрабіць. Але гэта магчыма ў тым выпадку, калі ўсе зацікаўленыя будуць дзейнічаць згуртавана і мэтанакіравана".
"У Моладзь БНФ я далучылася дзякуючы сябру, які дадаў мяне ў гутарку ВК. Для мяне яны былі больш добразычлівыя, чым розныя іншыя моладзевыя арганізацыі. Мне заўсёды хацелася знайсці людзей з аднолькавым поглядам на жыццё ў Беларусі, на мову, што я і знайшла тут. Увогуле, сяброўства дало мне больш новых знаёмых са свайго гораду, з якімі я падзяляю агульныя інтарэсы, таксама я стала больш цікавіцца гісторыяй, культурай, навінамі і палітыкай. Мне здаецца, што дзякуючы арганізацыі ў мяне канчаткова сфарміраваліся мае палітычныя погляды, якія ўплываюць на маё жыццё і стаўленне да яго. Аднак, акрамя іншага, было б цікава бачыць нейкія адукацыйныя праграмы, якія датычацца гісторыі і мовы, а таксама працу не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах (Гародня, напрыклад). Я лічу, што моладзь можа паўплываць на палітычную сітуацыю ў Беларусі праз сацыяльныя сеткі, і то, калі б вельмі паспрабаваць. Але цалкам паўплываць усё ж такі даволі цяжка.У мяне не узнікала ніякіх праблемаў, звязаных з сяброўствам з Моладдзю БНФ, але ведаю дастаткова шмат сябраў, у якіх яны былі і арганізацыя заўсёды імкнулася ім дапамагчы".

Ганна-Марыя Лебядзеўская, 17 год
г. Ліда

Марк Груневіч, 19 год
г. Берасце
"На самай справе, першапачаткова ў мяне не стаяла мэты кудысьці ўступаць, Моладзь сама знайшла мяне. Мой сябар неяк сказаў мне, што існуе "БРСМ наадварот" і мы вырашылі паглядзець, што гэтая арганізацыя з сябе ўяўляе. У першую чаргу, хацелася выбрацца з канапавых войскаў, знайсці аднадумцаў і разам з імі спрабаваць ўплываць на палітычную сітуацыю ў Беларусі. Я не магу сказаць, што дасягнуў усяго, чаго жадаў, калі далучаўся да арганізацыі, ёсць такія мэты, пра якія не хочацца гаварыць у дадзены момант. На мой погляд, Моладзь БНФ – гэта выдатная пляцоўка для таго, каб зрабіць Беларусь зноў вялікай. Моладзь дае магчымасць вырашаць палітычныя, культурныя і сацыяльныя праблемы. З дапамогай Моладзі БНФ мы можам мяняць тое, што нас не задавальняе ў гэтай краіне. Тут нараджаецца новая палітычная сіла, і я рады, што з'яўляюся яе часткай. І дарэчы, дзякуючы арганізацыі, я знайшоў шмат новых сяброў з падобнымі поглядамі.

Я абраў для сябе менавіта арганізацыю палітычнай накіраванасці, таму што менавіта палітычная сітуацыя мяне вельмі хвалявала ў той момант часу. Уся гэтая прапаганда, якая лілася з вуснаў таксічных тэлевядучых, моцна мяне злавала. Я выразна разумеў, што ў Беларусі на дадзены момант няма ніякіх перспектыў для самарэалізацыі, а з'язджаць не хацелася зусім. Зыходзячы з гэтага, прыняў рашэнне ўступіць у Моладзь БНФ.

Удзел моладзі ў палітычным жыцці грамадства сёння – гэта адна з найбольш актуальных праблем беларускага грамадства. Моладзь апалітычная, таму што не бачыць магчымасці аказаць ўплыў на палітычны працэс, але гэта не так. Зараз моладзь у нашай краіне – гэта вялікая сіла і яна расце, таму мы павінны задумацца над тым, як зрабіць так, каб сіла гэта садзейнічала развіццю нашай краіны, развіццю палітычнай сістэмы. Моладзь можа і павінна ўплываць на палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Акрамя іншага, мне падабаецца, што Моладзь БНФ праводзіць вялікую колькасць адукацыйных мерапрыемстваў не толькі палітычнай накіраванасці. Гэта дае магчымасць нашым сябрам развіваць сябе ў розных сферах дзейнасці. Моладзь БНФ не проста можа, яна ўжо ўплывае сваімі акцыямі і кампаніямі на некаторыя сферы грамадскага жыцця.

У мяне не ўзнікала ніякіх праблемаў, выкліканых удзелам у апазіцыйнай моладзевай арганізацыі, але не здзіўлюся, калі ўсё яшчэ наперадзе. Ведаю прыклады, калі арганізацыя дапамагала сябрам, якія трапілі ў непрыемную сітуацыю з-за сваіх "пятакалоных" поглядаў. Калі за табой стаіць такая каманда, перастаеш баяцца ціску".

"Я не выбіраў для сябе, куды далучыцца, проста так склалася – мяне запрасілі, і я ўступіў. Асноўныя мае мэты на той момант: знаемства з новымі людзі, грамадская і палітычная актыўнасць, сяброўства. Можна сказаць, што ў мяне атрымалася іх рэалізаваць. Арганізацыя дае мне магчымасць добра праводзіць час: размаўляць з аднадумцамі на розныя тэмы, глядзець фільмы па-беларуску, хадзіць летам на пікнікі. Я магу сказаць, што маё жыццё змянілася ў добры бок, завеў новых сяброў. Чаму палітыка? Яшчэ са школы ў мяне ёсць цяга да такой дзейнасці, жаданне змяніць нашу краіну да лепшага, выцягнуць з таго лайна, у якім мы жывем зараз па прычыне самадурства сённяшніх улад. Вядома, моладзь не можа, а павінна імкнуцца паўплываць на палітыны стан нашай краіны, бо гэта будучыня Беларусі, і моладзь павінна будаваць будучыню краіны, у якой яны хочуць жыць".

Максім Ражкоў, 24 гады
г. Гомель

Анастасія Гарбуз, 18 год
г. Менск
"Я, можна сказаць, трапіла ў Моладзь БНФ выпадкова. Я прыйшла на адно мерапрыемства, арганізаванае імі, і мне так спадабаліся людзі і атмасфера, якая панавала там, што нават не разглядала іншыя варыянты, калі думала, куды пайсці. І калі мне прыйшла апытанка "Ці жадаеце вы далучыцца да Моладзі БНФ?", я вырашыла, што гэта ідэальна, тым больш арганізацыя даволі вядомая.

Мяне заўсёды цікавіла культура, я была алімпіядніцай па беларускай мове, і мне яна заўсёды вельмі падабалася, таму жадала зрабіць яе больш распаўсюджанай сярод людзей майго ўзросту, а Моладзь БНФ – выдатны сродак для рэалізацыі гэтай мэты. Акрамя таго, арганізацыя дала мне шмат цікавых, карысных ведаў, вопыту, а таксама добрых сяброў.

Мне спадабалася, як змянілася маё жыццё пасля далучэння да арганізацыі. Як бы гэта пафасна не гучала, у ім з'явіўся пэўны сэнс. Заўсёды вельмі прыемна ехаць на нашыя сходы і разумець, што ты робіш сапраўды добрыя справы. Таму гэта вопыт у асноўным пазітыўны. Канечне, ёсць і некаторыя праблемы, але яны ёсць паўсюль.

Я ўпэўнена, што моладзь здольна паўплываць на сітуацыю ў краіне, бо гэта якраз ты людзі, якія праз год так 20 будуць не проста тут жыць, але і, напэўна, самі кіраваць краінай. Таму вельмі важна разумець тыя мэты, якіх ты жадаеш дасягнуць. А Моладзь БНФ – гэта, апрэч іншага, яшчэ і добрая пляцоўка, дзе можна атрымаць пэўныя палітычныя веды.

Акрамя таго, моладзь – гэта якраз той пласт насельніцтва, які мае больш за ўсіх магчымасцяў для змагання, бо ў нас няма працы, якую мы можам страціць, нам, у прынцыпе, пакуль няма чаго губляць. Галоўная пагроза, якой звычайна карыстаюцца – гэта выключэнне з навучальнай установы, аднак нішто ніколі не перашкаджае перапаступіць зноў. Тым больш, не настолькі страшны гэты ціск на студэнтаў, якім яго малююць. Мяне саму ўжо выклікалі ў дэканат з-за маёй актыўнасці, аднак усё было цывілізавана і без нейкіх пагроз".

"Я сябрую з Моладдзю БНФ, бо я цалкам падтрымліваю каштоўнасці і погляды гэтай арганізацыі. На мой погляд, гэта адзіная нармалёвая моладзевая палітычная арганізацыя ў нашай краіне. А гэты накірунак, палітыку, я абраў для сябе таму, што ўжо з дзяцінства не любіў нашую ўладу, а калі падрос, то пачаў больш паглыблена ў гэтым разбірацца, і таму сфарміраваліся такія погляды. Я думаю, асноўная моц, якая можа паўплываць на палітычную сітуацыю, гэта як раз такі моладзь, бо, як казаў легендарны БРСМ, моладзь – рухавік прагрэса.

Асноўная сфера, у якой мы павінны працаваць – гэта студэнты і іх праблемы, бо большасць з нас студэнты ці хутка стануць студэнтамі, і таму трэба рабіць стаўку на тое , што нам блізка.

У Моладзі БНФ я жадаў знайсці аднадумцаў, сяброў і паплечнікаў, я жадаў прыносіць карысць людзям, паступова гэта здолеў рэалізаваць, і цяпер мы разам з ідэйнай камандай працуем над зменамі і кампаніямі.

Маё жыццё змянілася толькі ў лепшы бок, я знайшоў адзін з асноўных заняткаў па жыцці і з задавальненнем працую на карысць арганізацыі. Акрамя таго, так здарылася, што Моладзь БНФ дапамагла мне знайсці каханне".


Дзяніс Мандзік, 18 год
г. Барысаў

Матвей Гурыновіч, 16 год
г. Менск
"Я прыйшоў у Моладзь БНФ, бо мяне вельмі прываблівала іх ідэалогія і погляды. Акрамя таго, я бачу, што з палітычным станам Беларусі зараз ўсё дрэнна, а БНФ гэта сапраўды дастаткова моцная арганізацыя, якая здольна нешта змяніць у краіне. Як толькі я прыйшоў сюды, я быў настроены на плённую, выніковую працу. У выніку так і атрымалася, працы шмат, як і шмат ідэй, але тут складзены ўсе ўмовы для іх рэалізацыі і асабістага развіцця. Бо акрамя палітыкі, тут добра развіты таксама навуковы і культурніцкі накірункі. Я веру, што мы здольныя нешта змяніць, бо моладзь – гэта аснова, падмурак усяго, і калі большую частку падняць, то няма нічога немагчымага".
Made on
Tilda